архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.
Літ.:
Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;
Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.
А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі.
Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.